У Гомелі дзеці 9 і 10 гадоў клалі камяні на рэйкі. Іх затрымала ваенізаваная ахова

Інцыдэнт адбыўся 27 ліпеня ў другой палове дня на чыгунцы ў раёне Гомельскай ЦЭЦ-1. Школьнікі складвалі на рэйкі камяні, каб паглядзець, што будзе далей.

30.07.2022 / 10:45

Цягнік праехаў бесперашкодна, лакаматыў не атрымаў пашкоджанняў. Але брыгада заўважыла староннія прадметы, паведаміла пра гэта, і праз пару хвілін на перагон прыбыла ваенізаваная ахова БЧ, якая і затрымала хлопчыкаў, паведамляе выданне «Белка».

Старэйшаму з іх 10 гадоў, двум — па 9. Бацькі знаходзіліся на працы і не мелі паняцця аб тым, што іх сыны гуляюць на чыгунцы. Самі дзеці не ўсведамлялі, што іх «забаўка» небяспечна і для іх, і для руху цягнікоў.

Распачаты адміністрацыйны працэс. Паколькі дзеці не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці, ён будзе спынены. Аднак разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адказнасці бацькоў за невыкананне абавязкаў па выхаванні.

Nashaniva.com