Брэд Піт купіў новы дом за 40 мільёнаў даляраў з цудоўным відам на ўзбярэжжа ў Каліфорніі ФОТЫ

Галівудская суперзорка Брэд Піт выклаў 40 мільёнаў даляраў, каб набыць гістарычны дом 100 гадовай даўніны, з якога адкрываецца цудоўны від на цэнтральнае ўзбярэжжа Каліфорніі. Паглядзіце на гэтыя арачныя вокны, чарапічны дах у міжземнаморскім стылі і шырокі від на акіян.

28.07.2022 / 18:39

Малавядомы факт, што Піт з'яўляецца энтузіястам архітэктуры. Мясцовыя агенты сказалі, што пагадненне на куплю з'яўляецца адным з самых дарагіх за ўвесь час у гэтым раёне.

Вядомы як D.L. James House, дом датуецца прыкладна 1918 годам і быў спраектаваны Чарльзам Самнерам Грынам, вядомым архітэктарам пачатку 20-га стагоддзя.

З 1999 года дом належаў кампаніі з абмежаванай адказнасцю Searock, звязанай з памерлым у пачатку гэтага года чыкагскім фінансістам Джо Рычы і яго жонкай Шэран Рычы.

Дом быў названы ў гонар свайго першапачатковага ўладальніка, бізнэсмена і пісьменніка Д. Л. Джэймса і пабудаваны з мясцовага пясчаніку і граніту, паведамляе The Gamble House. Пры праектаванні дома вонкавыя сцены збудаваыя так, быццам яны растуць са скал.

Гэта толькі апошняе вядомае пагадненне па куплі маёмасці ў раёне Кармэль, звязанае са знакамітасцямі. Старадаўні дом актрысы серыяла «Залатыя дзяўчынкі» (The Golden Girls) Бэці Уайт нядаўна быў прададзены за 10,775 мільёна даляраў.

Nashaniva.com