«Дыскрэдытаваў» Беларусь відэазапісам аб яе эканоміцы — паўтара года калоніі

Праваабаронцы даведаліся пра вынікі судовага разбіральніцтва па справе Васіля Чыха, якога абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі па арт. 369-1 КК, паведамляе «Вясна».

25.07.2022 / 16:50

Справу разглядаў старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак, які не раз выносіў палітычна матываваныя прысуды.

Вядома, што абвінавачанаму 30 гадоў. У віну Васілю Чыху ставяць тое, што 16 сакавіка гэтага года ў адным з публічных вайбер-чатаў, які аб'ядноўвае работнікаў вагоннага дэпо Брэста, ён «размясціў відэазапіс з загадзя ілжывымі звесткамі аб эканамічным і сацыяльным становішчы Рэспублікі Беларусь».

Падрабязнасцяў з залы суда амаль няма. Вядома толькі, што падчас судовага пасяджэння абвінавачаны прызнаў сваю віну і раскаяўся.

У выніку суд прызнаў Васіля Чыха вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле арт. 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь», пакараўшы яго 1,5 года пазбаўлення волі без штрафу з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Мабільны тэлефон, як прыладу здзяйснення злачынства, суд пастанавіў канфіскаваць на карысць дзяржавы. Прысуд не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Nashaniva.com