Жанчына пад Лагойскам узяла пакатацца трактар і трапіла на ім у аварыю

38-гадовая індывідуальная прадпрымальніца з вёскі Вялікія Бясяды Лагойскага раёна ўгнала трактар свайго прыяцеля і патрапіла на ім у ДТЗ, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама.

24.07.2022 / 20:31

Здарэнне адбылося яшчэ 11 ліпеня. Паведамляецца, што жанчына і яе 50-гадовы сябар з Мінска ездзілі на яго трактары ў нецвярозым стане. На пару выклікалі ДАІ, пасля чаго жанчыну адвезлі дадому, а яе прыяцеля — на медагляд і для складання пратаколу за п'янае кіраванне.

Пасля гэтага жанчына вырашыла пакатацца адна. Ёй удалося завесці трактар і крануцца з месца, але ўжо праз некалькі метраў машына апынулася ў кювеце. Уладальніку тэхнікі жанчына пра гэта не паведаміла. А той, пабачыўшы, што стала з трактарам, заявіў пра яго ўгон.

У выніку заведзеная крымінальная справа, жанчыне пагражае некалькі гадоў турмы.

Nashaniva.com