Кіраўнік Офіса Зяленскага: З саюзнікамі дамоўлена пра перадачу Украіне 25-30 адзінак HIMARS і MLRS

Кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак паведаміў пра наяўную дамоўленасць з саюзнікамі адносна перадачы Украіне 25-30 адзінак заходніх ракетных сістэм залпавага агню HIMARS і MLRS. Пра гэта ён напісаў у Telegram. У той жа час чыноўнік падкрэсліў, што цяпер ключавое пытанне — лагістыка дастаўкі ракет для РСЗА.

24.07.2022 / 17:06

РСЗА HIMARS

«Пасля сустрэчы з прэзідэнтам, камандай Офіса і ўрада старшыня Камітэта па пытаннях Узброеных сілаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Адам Сміт у інтэрв'ю СМІ назваў колькасць HIMARS і MLRS, якія перададуць Украіне ЗША і саюзнікі. Цяпер гаворка ідзе пра 25-30 адзінак і вялікую колькасць боепрыпасаў да іх. Менавіта лагістыка дастаўкі ракет для РСЗА цяпер з'яўляецца ключавым пытаннем, і мяне тут добра зразумеюць вайскоўцы», — адзначыў Ярмак.

Кіраўнік Офіса прэзідэнта запэўнівае, што гэтая лагістыка ёсць і будзе сістэмнай для забеспячэння стабільнай і эфектыўнай працы РСЗА на розных участках фронту.

ЗША ўжо даставілі ва Украіну 12 сістэм HIMARS і на гэтым тыдні абвясцілі намер перадаць яшчэ 4 такія сістэмы. Раней ужо паведамлялася, што ў цэлым ЗША і саюзнікі абавязаліся перадаць ВСУ больш за 20 такіх сістэм.

Nashaniva.com