На суткі адправілі вернікаў адной з мінскіх цэркваў — у іх канфіскавалі ўлёткі «Малітва за Беларусь»

Раніцай 22 ліпеня ў сябе дома былі затрыманы жыхары Мінска Яўген Барысік і Максім Стасілевіч, вернікі адной з мінскіх цэркваў Хрысціян веры евангельскай, паведамляе Польскае радыё.

23.07.2022 / 11:08

Падчас затрымання ў іх былі канфіскаваны пакункі ўлётак «Малітва за Беларусь», якія ўтрымліваюць заклік маліцца за краіну і народ «у гэты няпросты час», цытаты з Евангелля і евангельскі гімн «Чакаем цябе, наш Ісус».

Як паведаміла жонка і сястра затрыманых, хлопцам прызначылі па 10 сутак арышту: Максіму за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП), Яўгену — за дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП). Судзіла іх суддзя Таццяна Мотыль.

Nashaniva.com