H&M закрывае крамы ў Расіі. А што будзе з імі ў Беларусі?

Кампанія H&M паведаміла сёння аб рашэнні згарнуць свой бізнэс у Расіі. На пачатку сакавіка кампанія прыпыніла працу крам у РФ, тады ж «на нявызначаны тэрмін» зачыніліся гандлёвыя кропкі і ў Беларусі.

18.07.2022 / 12:32

Фота: Onliner.by

Перад закрыццём кампанія правядзе распродаж запасаў, паведамляе Reuters.

«Пасля ўважлівага разгляду мы лічым немагчымым у сітуацыі, якая склалася, працягваць наш бізнэс у Расіі», — гаворыцца ў заяве генеральнага дырэктара H&M Хелены Хелмерсан.

Расія была шостым па велічыні рынкам H&M. чакаецца, што ўсе мерапрыемствы па згортванні бізнэсу абыдуцца прыкладна ў $191,3 млн.

У прэс-службе H&M Group распавялі Onlíner, што крамы ў Беларусі запрацуюць, але далейшы іх лёс незразумелы.

«Мы часова адкрыем нашы крамы ў Беларусі, пакуль будзем ацэньваць, як дзейнічаць у доўгатэрміновай перспектыве».

З канкрэтнымі тэрмінамі адкрыцця пакуль усё складана: «Гэта вывучаецца нашай камандай, але ў цяперашні час у нас няма дакладнай даты».

Nashaniva.com