Крыніцы: Пуцін паўгода да пачатку вайны нікога да сябе не пускаў

«Медуза» апублікавала вялікае расследаванне пра расійскіх наёмнікаў, якіх выкарыстоўваюць на вайне з Украінай. Адзін з герояў артыкула — меркаваны ўладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын, якога за буйны рэстаранны бізнэс і блізкасць да прэзідэнта РФ называюць «поварам Пуціна».

13.07.2022 / 15:03

Як пішуць расследавальнікі, на пачатку вайны вайсковая група Вагнера, якая мае досвед удзелу вайны ў Сірыі, а таксама ў дзясятках лакальных канфліктах за мяжой, нават не збіралася ўдзельнічаць у «спецаперацыі» ва Украіне.

Прыгожын чакаў асабістага загаду Пуціна. Нават у дзень пачатку вайны рэкруцёры кампаніі паведамілі кандыдатам, што пакуль не будуць павялічваць набор.

«Украінай Прыгожын не займаецца ні ў якім выглядзе, — у першыя дні вайны казаў «Медузе» знаёмы бізнэсмена. — Ён сказаў, што толькі па асабістым загадзе УУП [Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна] стане гэта рабіць, а асабіста яны — не па відэасувязі — не размаўлялі ўжо паўгода. УУП паўгода [да пачатку вайны] увогуле нікога да сябе не пускаў».

 

Nashaniva.com