Стаў вядомы матыў забойства прэм'ер-міністра Японіі Сіндза Абэ

Тэцуя Ямагамі, які падазраецца ў забойстве былога прэм'ер-міністра Японіі Сіндза Абэ, патлумачыў свае дзеянні помстай у адрас рэлігійнай групы, ад якой нібы пацярпела яго сям'я. Ён меркаваў, што забіты меў да яе дачыненне. Але ці гэта так, пакуль невядома.

09.07.2022 / 16:15

Пра гэта піша «Медуза» са спасылкай на японскія СМІ. Згодна з гэтымі публікацыямі, Ямагамі заявіў следчым, што ў яго сям'і пачаліся цяжкасці з-за ўступлення ў гэтую арганізацыю і ахвяраванні ёй грошай. У артыкулах згадваюцца банкруцтва яго маці і «распад» яго сям'і.

Ямагамі сцвярджае, што здзейсніў злачынства, паколькі лічыў Сіндза Абэ датычным да гэтай арганізацыі, а не з-за прэтэнзій да яго палітычнай дзейнасці. Ён таксама нібыта хацеў забіць іншую высокапастаўленую асобу з гэтай арганізацыі, але адмовіўся ад гэтага з-за складанасці.

Японскія журналісты не ўдакладняюць, ці ёсць даныя аб датычнасці нябожчыка да якой-небудзь рэлігійнай арганізацыі.

Назва гэтай арганізацыі не ўзгадваецца.

The Mainichi піша, што Ямагамі падчас допыту нібыта зрабіў некалькі «бессэнсоўных» заяў, і следства мае намер ацаніць яго псіхічны стан.

Былы прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ быў смяротна паранены раніцай 8 ліпеня ў горадзе Нара, дзе выступаў на перадвыбарным мітынгу. Ён памёр у бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць. Яму было 67 гадоў.

Падазраваны — 41-гадовы мясцовы жыхар Тэцуя Ямагамі — быў затрыманы на месцы злачынства. Пра яго вядома, што ў 2000-я гады ён служыў у Марскіх сілах самаабароны Японіі.

Nashaniva.com