Беларусы збываюць ашчаджэнні

У першым паўгоддзі 2022 фізасобы ў Беларусі прадалі на 404,6 млн даляраў замежнай валюты больш, чым купілі. Пра гэта сведчаць статыстычныя звесткі Нацыянальнага банка.

08.07.2022 / 20:28

Агульны аб'ём набытай фізічнымі асобамі наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты, паводле інфармацыі Нацбанка, у студзені — чэрвені склаў 4,552 млрд даляраў, прададзенай — 4,957 млрд.

Пры гэтым у чэрвені насельніцтва сфармавала чысты попыт на замежную валюту ў суме 41,3 млн даляраў супраць чыстага продажу ў суме 16,6 млн даляраў у маі.

Суб'екты гаспадарання — рэзідэнты Беларусі ў першым паўгоддзі выступалі ў ролі чыстых пакупнікоў замежнай валюты.

Паводле звестак Нацыянальнага банка, прадпрыемствы купілі на 638,5 млн даляраў валюты ў эквіваленце больш, чым прадалі.

Агульны аб'ём набытай юрыдычнымі асобамі замежнай валюты ў студзені—чэрвені склаў 13,063 млрд даляраў, прададзенай — 12, 425 млрд даляраў.

За чэрвень купля юрыдычнымі асобамі замежнай валюты перавысіла яе продаж на 137,2 млн даляраў (у маі — на 174,1 млн).

Nashaniva.com