Маці загінулых ва Украіне расійскіх вайскоўцаў абвінавацілі ў іх смерці карэспандэнта «Известий» — той, магчыма, навёў агонь

Маці салдат воінскай часці №74325 з горада Знаменск Астраханскай вобласці, якія загінулі ва Украіне, абвінавацілі ў іх смерці карэспандэнта «Известий» Валянціна Трушніна. Калектыўны зварот жанчын у астраханскае аддзяленне «Салдацкіх маці» апублікаваў журналіст Рускай службы «Бі-бі-сі» Ілля Барабанаў.

08.07.2022 / 11:20

«Пасля выхаду рэпартажу ваеннага карэспандэнта «Известий» Валянціна Трушніна 30 чэрвеня 2022 года пазіцыі вайскоўцаў былі абстраляныя цяжкай артылерыяй УСУ. Гэта адбылося ў выніку рассакрэчвання ў відэаматэрыяле месца базавання ваеннай тэхнікі і асабовага складу 1 узвода», — напісалі маці.

Яны расказалі, што пяць ваеннаслужачых загінулі, яшчэ трое атрымалі раненні і цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане ў Першым ваенным шпіталі Данецка.

Жанчыны папрасілі «Камітэт салдацкіх маці Расіі» дапамагчы ў арганізацыі афіцыйнага звароту да міністра абароны Сяргея Шайгу з патрабаваннем забараніць доступ ваенных карэспандэнтаў на фронт.

У рэпартажы, апублікаваным на сайце «Известий» 30 чэрвеня, ваенны карэспандэнт паказвае ўдары «танкавай каруселі УС РФ па пазіцыях УСУ ў ДНР». На відэа ёсць кадры мясцовасці, знятыя з дрона, піша «Новая газета. Европа».

Nashaniva.com