Фестываль «Рок за Баброў» пераносіцца яшчэ на год. Апошні раз ён адбыўся ў 2019-м

Мінскі штогадовы музычны фестываль «Рок за Баброў» зноў пераносіцца, гэтым разам на 2023 год. Такое адбываецца ўжо трэці раз запар, бо раней фестываль ужо двойчы пераносілі, у 2020 і 2021 годзе: спачатку з-за каранавіруса, а пасля з-за праблем з авіязносінамі.

24.06.2022 / 21:30

Сёлета «Рок за Баброў» не адбудзецца з-за таго, што хэдлайнеры не змогуць прыехаць на мерапрыемства.

«У сувязі з геапалітычным становішчам у свеце нашы хэдлайнеры не маюць магчымасці выступіць на нашым фестывалі. Мы разглядалі розныя лагістычныя ланцужкі і прапрацоўвалі дзясяткі маршрутаў. Але, на жаль, знайсці магчымасць даставіць нашых музычных зорак з розных куткоў планеты не ўяўляецца магчымым. Мы просім паставіцца з разуменнем да сітуацыі, якая склалася, і не здаваць квіткі, каб падтрымаць «Рок за Баброў», які абавязкова адбудзецца ў 2023 годзе», — сказана ў афіцыйнай заяве.

Квіткі, набытыя ў 2020 і 2021 гадах, будуць сапраўдныя і ў 2023-м.

Nashaniva.com