У Салігорскім ЗАГСе адначасова зарэгістравалі шлюб тры пары байкераў ФОТА

У Салігорску прайшла незвычайная рэгістрацыя шлюбу. І маладыя, і госці былі на матацыклах, а шлюб заключалі адразу тры пары з мясцовага байкерскага клуба, піша «Мінская праўда». 

24.06.2022 / 17:48

Усе фота: Антон Нявераў / mlyn.by

Незвычайная вясельная працэсія ‒ калона байкераў з трох дзясяткаў матацыклаў ‒прыцягвала ўвагу гараджан. Ды і ў зале, дзе бяруць шлюб, было не зусім тыпова. 

«Ці згодныя вы быць кахаючай і клапатлівай жонкай брутальнага байкера?» — такі зварот на ўрачыстай цырымоніі пачуеш не часта.

У гэты дзень пытанне ў такой фармулёўцы задавалася тройчы. Натуральна, усе тры разы жаніхі ў скураных камізэльках пачулі станоўчыя адказы.

— Рашэнне, каб было вяселле трох пар, мы прынялі месяц таму. І ўсе хутка арганізавалі. Дзень абраны не выпадкова. У нашым клубе два разы на год праходзяць вялікія мерапрыемствы, калі ўсе збіраюцца сем'ямі, адпачываюць, гутараць. Сёння менавіта такі дзень: усе сабраліся разам, і мы арганізавалі адразу тры вяселлі — распавялі Аляксей і Крысціна Івончыкі, адна з пар маладых.

Nashaniva.com