Актывістку з Пружанаў Алену Гнаўк асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі

У судзе Пружанскага раёна вынеслі прысуд 65-гадовай палітзняволенай актывістцы Алене Гнаўк — тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. Такое рашэнне вынес суддзя Юрый Жытко па запыце пракурора, паведамляе «Вясна».

17.06.2022 / 11:16

Алену прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) за восеньскія пасты ў Facebook і Instagram пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.

З 2020 года Алену мэтанакіравана праследавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі па «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах. Пад вартай Алена ўтрымліваецца ўжо пяць месяцаў. 

Nashaniva.com