У Міжнародным крымінальным судзе затрымалі расійскага шпіёна

Нідэрландскія спецслужбы сцвярджаюць, што затрымалі расійскага разведчыка, які ўладкаваўся на працу ў суд, што расследуе ваенныя злачынствы ва Украіне.

16.06.2022 / 18:05

Грамадзяніна Расіі, які выдаваў сябе за бразільца, затрымалі ў красавіку, калі ён прыляцеў з Бразіліі ў Нідэрланды. Па сцвярджэнні нідэрландскай разведкі, гэты чалавек, якога спецслужба назвала Сяргеем Уладзіміравічам Чаркасавым, працаваў на ГРУ Мінабароны РФ.

«Міжнародны крымінальны суд расследуе магчымыя ваенныя злачынствы, учыненыя Расіяй ва Украіне. МУС таксама расследуе ваенныя злачынствы, якія мелі месца падчас вайны Расіі ў Грузіі ў 2008 годзе. Па гэтых прычынах таемны доступ да інфармацыі Міжнароднага крымінальнага суда быў бы вельмі каштоўны для расійскіх спецслужбаў», — сказана ў паведамленні Службы разведкі і бяспекі Нідэрландаў.

Nashaniva.com