У Бабруйску нецвярозая жанчына спыніла два цягнікі

Два кур'ёзныя выпадкі, якія, аднак, пацягнулі сур'ёзныя наступствы, адбыліся ў адзін дзень — 11 чэрвеня. Жанчына прыехала ў Бабруйск праведаць сваякоў, а пасля застолля паспяшалася на дызель. Як паведамляюць магілёўскія СМІ, праз нейкі час пасажырка зразумела, што цягнік, у якім яна знаходзілася, ідзе не туды, куды ёй трэба, піша «Народная воля».

15.06.2022 / 17:06

Фота ілюстрацыйнае

Зразумеўшы сваю памылку, жанчына не прыдумала нічога лепшага, як не чакаючы прыпынку сарваць стоп-кран. А пасля таго, ужо выйшаўшы з цягніка і праходзячы па чыгуначных пуцях, раптам зразумела, што не ведае, у якім кірунку рухаецца.

Каб даведацца дарогу, жанчына вырашыла спыніць цягнік і спытаць дарогу ў машыніста. Балазе ён своечасова заўважыў чалавека, які стаяў на пуцях, і здолеў своечасова спыніцца.

Цяпер за ўсё гэта жанчыне прыйдзецца заплаціць вялікі штраф.

Nashaniva.com