Прадстаўнік ЕС зняволеным журналістам: Мы будзем і далей дабівацца вашага вызвалення

Спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Іман Гілмар звярнуўся з адкрытым лістом да беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі.

20.05.2022 / 19:52

Прадстаўнік Еўрасаюза піша:

«Цягам апошніх некалькіх месяцаў мы звярталі ўвагу ўладаў Беларусі і ўсяго свету на жахлівыя ўмовы ўтрымання ў турмах, дзе вы знаходзіцеся. Мы паўтараем наш заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Ваша зняволенне дэманструе не моц рэжыму Лукашэнкі, а яго бяссілле, бо ён баіцца праўды і не можа супрацьстаяць свабодзе слова.

Я разумею, што для вас, вашай сям'і і вашых сяброў гэта цяжкі час. Я хачу, каб вы ведалі, што ваша Еўрапейская сям'я падтрымлівае вас у імкненні да дэмакратыі.

Я ўпэўнены, што гэтыя намаганні ўвянчаюцца поспехам. Я асабіста жадаю вам усяго добрага і запэўніваю, што мы будзем і далей прыкладаць намаганні, каб дамагчыся вашай свабоды».

Nashaniva.com