Ціханоўская Захаду: Голад ці правы чалавека — фальшывая дылема Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская звярнулася да краін Захаду з нагоды з'яўлення інфармацыі, што неўзабаве могуць быць знятыя санкцыі з «Беларуськалія», каб вырашыць сусветныя харчовыя праблемы.

20.05.2022 / 17:12

Ціханоўская адзначае:

«У мінулым годзе рэжым выкарыстоўваў міграцыйны крызіс — а цяпер гэтак жа выкарыстоўвае ў сваіх мэтах і харчовы крызіс.

Лукашэнка стварае фальшывыя дылемы: ці голад, ці правы чалавека — і прапануе Захаду выбіраць. Такая дамова з ім — шкодная і амаральная. Прыкрываючыся турботамі пра голад у свеце, ён спрабуе сысці ад адказнасці за тэрор і саўдзел у вайне.

Давайце не забывацца, за што ўводзіліся санкцыі супраць беларускага калію:

за рэпрэсіі супраць працоўных і грамадзянскай супольнасці, выкарыстанне мігрантаў у якасці біялагічнай зброі, захоп самалёта, дапамогу Пуціну ў вайне. 

Калій — крытычна важны рэсурс для выжывання рэжыму. Гэта лёгкія грошы, якія ідуць не на карысць беларусам — а супраць іх, трацяцца на ўтрыманне арміі сілавікоў, спецслужбаў, ваеннай інфраструктуры і вядзенне вайны.

Таму вярнуць рэжыму магчымасць зарабляць на калійных угнаеннях — гэта даць яму грошы на знішчэнне беларусаў і ўкраінцаў.

А калі мы сапраўды хочам супрацьстаяць вайне і пагрозам харчовай бяспецы, мы павінны ліквідаваць іх крыніцы: дыктатарскія рэжымы і ўсе сістэмы, якія замахнуліся на галоўную каштоўнасць у свеце — жыццё чалавека».

Nashaniva.com