Мінабароны Расіі: На заводзе «Азоўсталь» здаліся ў палон 959 украінскіх вайскоўцаў

Расійскае Мінабароны сцвярджае, што за два дні з тэрыторыі завода «Азоўсталь» у Марыўпалі выйшлі і здаліся ў палон 959 украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку 80 параненых.

18.05.2022 / 11:23

Раней паведамлялася, што больш за 300 украінскіх вайскоўцаў, якія змагаліся за апошні аплот абароны Марыупаля, былі за апошнія суткі перавезеныя ў былую папраўчую калонію ў падкантрольны Расіі пасёлак Аленеўка пад Данецкам.

Меркавалася, што параненыя трапяць у шпіталь і атрымаюць неабходную медыцынскую дапамогу, дзеля якой яны пагадзіліся на эвакуацыю з «Азоўсталі», дзе знаходзіліся апошнія два месяцы.

Разам з тым дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка называў калонію ў Аленеўцы «сапраўдным канцэнтрацыйным лагерам XXI стагоддзя, створаным Расіяй у цэнтры Еўропы».

Людзей, паводле яго слоў, там трымаюць у жахлівых умовах, кормяць не кожны дзень, медыцынскую дапамогу не аказваюць. «Там утрымліваюцца родныя вайскоўцаў, былыя работнікі праваахоўных органаў, актывісты, журналісты і людзі, якія проста выклікалі падазрэнне (уключаючы проста наяўнасць патрыятычных татуіровак)», — распавёў Андрушчанка.

Nashaniva.com