Прэзідэнт Фінляндыі асабіста паведаміў Пуціну аб намеры краіны падаць заяўку ў НАТА. Пуцін адказаў яму

Прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нійнісцё патэлефанаваў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну і паведаміў яму, што краіна цягам наступных некалькіх дзён мае намер падаць заяўку на ўступленне ў NATO. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Фінляндыі.

14.05.2022 / 16:06

Падчас размовы Нійнісцё патлумачыў, што дзеянні Расіі апошнія месяцы падвысілі занепакоенасць Фінляндыі адносна сваёй бяспекі, у сувязі з чым было прынята рашэнне пачаць працэдуру далучэння да альянсу. Пры гэтым фінскі прэзідэнт адзначыў, што яго краіна працягне выбудоўваць з Расіяй добрасуседскія адносіны «ў карэктнай і прафесійнай манеры».

Пуцін, як паведамляе прэс-служба Крамля, у размове выказаў упэўненасць, што ніякіх пагроз бяспекі Фінляндыі не існуе і што «адмова ад традыцыйнай палітыкі вайсковага нейтралітэту была б памылковай». Пуцін папярэдзіў Нійнісцё, што ўступленне ў НАТА можа негатыўна адбіцца на двухбаковых адносінах.

Nashaniva.com