Уладзімір Някляеў прысвяціў верш Магдалене Дашкевіч

На дзень народзінаў дачкі Насты і Змітра Дашкевічаў Уладзімір Някляеў напісаў у яе гонар верш. Бацька Магдалены цяпер у СІЗА, супраць яго распачалі крымінальную справу. Маці зрабілі падазраванай паводле артыкула 342 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Наста Дашкевіч чакае чацвёртае дзіця.

13.05.2022 / 09:58

«12 траўня — дзень народзінаў Магдалены. Дзяўчынкі, бацька якой у турме. Ужо не ўпершыню. А маці, якая таксама пабывала за кратамі, палохаюць турмой. Хоць яна чакае чацвёртае дзіця.

Ужо колькі гадоў творыць здзек над імі ўлада! Але насуперак усяму яны стварылі СЯМ'Ю! Адну з самых прыгожых, калі не найпрыгажэйшую ў Беларусі…» ‒ напісаў паэт у Facebook.

Магдалена

Магдалене Дашкевіч

У кожны міг сканчаецца дарога —
І тут жа пачынаецца наноў,
І доўжыцца дарога з ласкі Бога,
І атуляе нас Яго любоў,
І наша да Яго любоў святая,
Як ластаўка, крыляе і ўзлятае
Да ясных і засмучаных нёбёс,
Туды, дзе кросна Божыя, дзе лёс
Жывою ніткай ткуць для нас анёлы,
Каму самотны, а каму вясёлы,
Ды ўсім такі напяты — аж звініць!..
І калі раптам абарвецца ніць,
Спагада
Упадзе
Слязою
Божай
На скрыжаванні ўсё і раздарожжы —
І ружай прарасце асот сухі,
І ўсё, што аджыло, паўстане з тлену,
І збаўца пацалуе Магдалену,
І грэшнікам даруе ўсе грахі.

 

 

Nashaniva.com