Расійскі флот страціў камандзіра вялікага вайсковага карабля

Ва Украіне загінуў капітан трэцяга рангу, камандзір вялікага дэсантнага карабля «Цэзар Кунікаў» 197-й брыгады дэсантных караблёў Чарнаморскага флоту Аляксандр Чырва. Пра гэта паведаміў губернатар акупаванага Расіяй Севастопаля Міхаіл Развазжаеў.

18.04.2022 / 19:40

Паводле Развазжаева, Чырва «памёр ад ран, атрыманых у баі з неанацыстамі ва Украіне».

Калі абстрагавацца ад расійскай прапагандысцкай рыторыкі, то карабель «Цэзар Кунікаў» стаяў побач з караблём «Саратаў» у порце горада Бярдзянска падчас абстрэлу порта 24 сакавіка Украінскімі ўзброенымі сіламі. «Саратаў» тады, як вядома, быў тады затоплены, а «Цэзар Кунікаў» і яшчэ адзін дэсантны карабель «Навачаркаск» атрымалі пашкоджанні. 

Пра страты сярод асабовага складу караблёў тады афіцыйна нічога не паведамлялася, а цяпер высвятляецца, што яны не толькі былі, але тычыліся нават самага высокага камандавання.

Чырва, адзначыў Развазжаеў, «у 2015 і 2016-м гадах удзельнічаў у правядзенні спецыяльнай аперацыі на тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі».

Nashaniva.com