Джэн Псакі: З новым расійскім камандуючым будзе працяг таго, што мы ўжо бачылі

Прадстаўніца Белага дома Джэн Псакі пракаментавала 10 красавіка ў праграме Fox News Sunday змену ў Расіі асобы, адказнай за сілы ўварвання. На яе думку, гэта «паказвае, што будзе працяг таго, што мы ўжо бачылі на месцах ва Украіне».

10.04.2022 / 20:00

Джэн Псакі. 9 сакавіка 2022 года

У суботу некалькі заходніх СМІ паведамілі, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прызначыў новага генерала, які кіруе вайной ва Украіне, паколькі расійскія вайскоўцы мяняюць планы пасля правалу наступлення на Кіеў.

Паводле гэтых паведамленняў, расійскую кампанію ўзначаліў генерал арміі Аляксандр Дворнікаў, камандуючы Паўднёвай вайсковай акругай.

Кіраўніцтва Злучаных Штатаў, аднак, не чакае зменаў у тактыцы і стратэгіі расійскіх вайскоўцаў ва Украіне пасля змены асобы, адказнай за сілы ўварвання.

Джэн Псакі назвала Дворнікава адказным за «зверствы, якія мы бачылі ў Сірыі», і сказала, што Злучаныя Штаты працягваюць працаваць з украінскімі чыноўнікамі, каб пераканацца ў наяўнасці ва Узброеных сіл Украіны зброі і іншай дапамогі, неабходных для поспеху на полі бою.

«Толькі на гэтым тыдні наш дарадца па нацыянальнай бяспецы, наш дзяржсакратар і наш старшыня Аб’яднанага камітэта галоўных груп правялі двухгадзінную размову са сваімі калегамі, каб падрабязна разгледзець, у чым менавіта маюць патрэбу ўкраінцы. Мы працуем з нашымі саюзнікамі і партнёрамі, як мы ўжо зрабілі з (сістэмай супрацьпаветранай абароны) С-300», — сказала Псакі.

Чытайце таксама: 

ВВС агучыла імя расійскага генерала, якога прызначылі галоўным па вайне ва Украіне

Nashaniva.com