У расійскай Курскай вобласці ўводзяць «жоўты» ўзровень тэрарыстычнай небяспекі

У Курскай вобласці Расіі, якая мяжуе з Украінай, з 11 красавіка ўвядуць «жоўты» ўзровень тэрарыстычнай небяспекі. Пра гэта паведаміў тамтэйшы губернатар Раман Старавойт.

10.04.2022 / 17:43

Рашэнне, паводле слоў Старавойта, прынятае «ў сувязі з магчымымі правакацыямі з боку ўкраінскіх нацыяналістаў».

На тэрыторыі вобласці будуць усталяваныя кантрольныя пункты назірання (туды пасадзяць вайскоўцаў і паліцыю), таксама будзе ўзмоцнена патруляванне населеных пунктаў.

Жоўты ўзровень — другі па ўсталяванай шкале. Усяго іх 3: павышаны — сіні, высокі — жоўты і апошні, крытычны — чырвоны.

Учора губернатар Курскай вобласці заяўляў пра абстрэл з боку Украіны памежнага паста.

«Сёння ўвечары з боку Украіны з мінамётаў быў абстраляны памежны пост у раёне населенага пункта Елізаветаўка Глушкоўскага раёна. Ніхто не пацярпеў, разбурэнняў няма», — сцвярджаў расійскі бок.

Украіна не каментавала гэта паведамленне.

Nashaniva.com