Жыхарку Бярозы, якая адбывала «хатнюю хімію», асудзілі зноў. Разам з ёй на лаве падсудных апынуўся і працадаўца

Суд Бярозаўскага раёна разгледзеў справу Валянціны Мядзведзь і Андрэя Чыжа, якіх абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 427 КК «Службовая падробка». Жанчына адбывала «хатнюю хімію» за тое, што ў лістападзе 2020 года напісала, што мясцовы супрацоўнік міліцыі «Лішко — сапраўды гнілы і слізкі тып» і параўнала яго з паліцаем. Пра тое, за што жанчыну судзілі зноў, піша «Вясна».

29.03.2022 / 22:38

Валянціна Мядзведзь.

Калі Валянціну Мядзведзь прысудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі», яна мусіла афіцыйна ўладкавацца на працу. Ранейшая, з якой яна жыла, не падыходзіла. Жанчына працавала цырульніцай і лічылася самазанятай, што па правілах «хатняй хіміі» не ўлічвалася. А самі службы выканання пакаранняў, калі даверыць гэтую справу ім, шлюць звычайна ў калгасы.

Такі варыянт не задавальняў саму жанчыну. У яе на руках была дачка, састарэлыя бацькі, а апрача таго мусіла дапамагаць і сястры ў Польшчы. Яна мусіла зарабляць грошы. Тым больш што суд яшчэ пастанавіў выплаціць «пацярпеламу» 1 500 рублёў — з кожнага заробку жанчыны ўтрымлівалі каля 50 рублёў.

У такой сітуацыі на дапамогу прыйшоў стары знаёмы Андрэй Чыж, заснавальнік і ўласнік фірмы «Неакамень», якая займаецца вырабам помнікаў. Ён прыняў жанчыну на працу да сябе, нягледзячы на многія нязручнасці. І заключыў дамову аб гнуткім графіку працы, паводле якой жанчына, якая працавала на чвэрць стаўкі, магла заступаць на працу не а 8-й гадзіне, як ёй было прадпісана, а а 6-й. Пасля ж яна, вызваліўшыся раней, працавала цырульніцай. 

І ўсё б, можа, было добра, каб не подласць «пацярпелага» міліцыянта. 

Праз нейкі час Лішко, якому, як яму здалося, штомесяц прыходзіла замалая сума, пачаў высвятляць, дзе і як працуе Валянціна — і даведаўся, што ў афіцыйны час працы жанчына працуе не ў паказаным месцы, а цырульніцай.

У выніку Мядзведзь абвінавацілі ў тым, што, «дзейнічаючы з карыслівых памкненняў, якія выяўляліся ў імкненні ажыццяўляць больш аплачваную працоўную дзейнасць», яна нібыта схіліла Чыжа аформіць фальшывыя дакументы. І абодва пайшлі пад суд.

Чыжа абвінавацілі ў тым, што «з карыслівай зацікаўленасці, якая выяўлялася ў імкненні атрымаць матэрыяльную выгаду ў выглядзе заработнай платы Валянціны Мядзведзь і дадатковых выплат з яе боку, а таксама з іншай асабістай зацікаўленасці, што выявілася ў жаданні аказаць паслугі сваёй знаёмай Мядзведзь, якая імкнулася ажыццяўляць больш аплачваную працоўную дзейнасць у свой працоўны час у ПГУП «Неакамень», склаў і выдаў ва КВІ Бярозаўскага райвыканкама заведама непраўдзівы табель выкарыстання працоўнага часу».

Ніякія аргументы абароны ў судзе, натуральна, прынятыя пад увагу не былі. 23 сакавіка суд Бярозаўскага раёна прызнаў Андрэя Чыжа і Валянціну Мядзведзь вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 427 КК «Службовая падробка».

Андрэя Чыжа пакаралі штрафам у памеры 350 базавых велічынь — 11 200 беларускіх рублёў. Валянціне Мядзведзь з улікам сукупнасці прысудаў у выніку прызначылі 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Гэта значыць, што да папярэдняга прысуду жанчыне дадалі яшчэ 1 год «хатняй хіміі».

Nashaniva.com