Пад Кіевам расійскія вайскоўцы забілі члена-карэспандэнта Акадэміі навук Украіны

У Ворзелі Кіеўскай вобласці расійскія вайскоўцы забілі фізіка-эксперыментатара, намесніка дырэктара Інстытута фізікі паўправаднікоў імя Лашкарова НАН Украіны Васіля Кладзько. Пра гэта паведаміла аддзяленне фізікі і астраноміі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

15.03.2022 / 01:48

«13 сакавіка ў Ворзелі расійскія акупанты па-варварску расстралялі фізіка-эксперыментатара, шматгадовага загадчыка аддзела і намесніка дырэктара Інстытута фізікі паўправаднікоў імя Лашкарова НАН Украіны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Украіны ў галіне навукі і тэхнікі, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Украіны Васіля Кладзько», — паведамляе НАН.

Па словах калег, Кладзько вывозіў з Ворзеля сваю сям'ю. Жонка і ўнукі паспелі з'ехаць, а «Кладзько затрымаўся, калі ў Ворзель зайшлі расійскія акупанты».

«А далей адбылося, што адбылося, і прычыны чаго, акрамя іх намераў знішчэння Украіны і ўкраінцаў, невядомыя», — напісалі ў НАН.

Прафесару Васілю Кладзько было 65 гадоў. Ён нарадзіўся на Ровеншчыне. У 1986 годзе ён абараніў кандыдацкую працу, у 2000-м — доктарскую. У 2015 годзе Васіль Кладзько быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

Nashaniva.com