Лукашэнка падпісаў указ аб фармаванні рэестра адрасоў віртуальных кашалькоў, якія «выкарыстоўваліся ў супрацьпраўнай дзейнасці»

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №48 «Аб рэестры адрасоў (ідэнтыфікатараў) віртуальных кашалькоў і асаблівасцях абароту крыптавалюты», паведамляе БелТА.

14.02.2022 / 21:40

Указ прадугледжвае фарміраванне Паркам высокіх тэхналогій рэестра адрасоў віртуальных кашалькоў, якія «выкарыстоўваліся ў супрацьпраўнай дзейнасці», і ўстанаўленне парадку яго функцыянавання.

Паведамляецца, што новы дакумент закліканы выключыць выпадкі ценявога фінансавання забароненай у Беларусі дзейнасці і абараніць удзельнікаў рынку лічбавых актываў ад страты маёмасці. Адказваць за гэта будзе Парк высокіх тэхналогій.

Згадкі ў тэксце закона пра супрацьпраўную дзейнасць ствараюць падазрэнні, што ён можа аказацца адным з мноства іншых рэпрэсіўных, прынятых за апошні год. Бо ў Беларусі як супрацьпраўную разглядаюць апошнім часам і фінансавую дапамогу рэпрэсаваным.

Nashaniva.com