Амбасадар ЗША пры АБСЕ: Не маем ілюзій, што канстытуцыйны рэферэндум можа вырашыць палітычны крызіс у Беларусі

Місія Злучаных Штатаў пры Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтве ў Еўропе апублікавала 27 студзеня заяву, якую ў гэты ж дзень зачытаў перад Парламенцкай асамблеяй АБСЕ амбасадар Штатаў Майкл Карпентэр, піша Белсат.

27.01.2022 / 20:39

Амбасадар і прадстаўнік ЗША пры АБСЕ Майкл Карпентэр. Скрыншот з відэа VOA News / YouTube

Карпентэр выказаў пазіцыю ЗША:

«Дазвольце мне сказаць наўпрост: міжнародная супольнасць не мае ілюзій адносна таго, што канстытуцыйны рэферэндум можа вырашыць палітычны крызіс, які стаў вынікам сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, — сказаў Карпентэр. — Практычна ўсе незалежныя галасы былі заглушаныя, звыш 1000 палітычных зняволеных застаюцца за кратамі, арганізацыі грамадзянскай супольнасці і незалежныя медыі прымусова закрываюць праз абвінавачванні ў «экстрэмізме», дзясяткі тысяч беларускіх грамадзян змушаныя да выгнання».

Паводле амбасадара, «паспешліва прапанаваны» набор зменаў у Канстытуцыю, які ўлады Беларусі выносяць на «рэферэндум», нельга разглядаць як сур’ёзнае намаганне дасягнуць «вельмі неабходнага дэмакратычнага працэсу і рэформаў».

Прапанаваная канстытуцыйная рэформа не адгукаецца на галасы беларусаў, а незалежныя назіральнікі не змогуць арганізаваць назіранне за «рэферэндумам» праз пастаянную пагрозу расправы з боку ўладаў.

Амбасадар дадаў: непакоіць тое, што ў Беларусі не было шырокага абмеркавання такіх ключавых пунктаў, як абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў толькі для тых, хто будзе кіраваць пасля Аляксандра Лукашэнкі, і прапанова зняць з Беларусі бяз’ядравы статус і палітычную нейтральнасць.

«Мы заклікаем беларускія ўлады безумоўна і без прамаруджвання вызваліць усіх палітвязняў і спыніць кампанію рэпрэсіяў, — заявіў Карпентэр. — Мы надалей заклікаем беларускія ўлады выканаць рэкамендацыі незалежнай экспертнай місіі ў межах Маскоўскага механізму і прыняць значныя захады для вырашэння праблемаў, вызначаных у рамках Венскага механізму.

Беларускія ўлады павінны аператыўна ўступіць у спрыяльны, усёабдымны і сапраўдны нацыянальны дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, які прывядзе да новых свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным назіраннем і з улікам рэкамендацыяў БДІПЧ».

Nashaniva.com