Кітай апублікаваў новыя здымкі Марса

У гонар Новага года Нацыянальнае касмічнае ўпраўленне Кітая апублікавала чатыры новыя фатаграфіі Марса. Іх зрабіў зонд «Цяньвэнь-1», які працуе на планеце з лютага 2021-га разам з марсаходам «Чжуронг»

01.01.2022 / 16:40

Тут ёсць агульная фатаграфія зонда і Марса, буйны план арбітальнага апарата «Цяньвэнь-1», паўночная палярная шапка планеты і марсаход «Чжуронг», які фатаграфуе паверхню Марса. Упраўленне вырашыла апублікаваць здымкі, каб запэўніць, што «Цяньвэнь-1» у бяспецы.

На кадрах бачны сам арбітальны апарат— ён залацістага колеру, і частка паверхні Марса.

Акрамя палярных ледзяных шапак, можна ўбачыць кратар імя Сяргея Каралёва і дзюны Алімпія. На фота з марсаходам можна разгледзець тыповы рэльеф планеты.

Nashaniva.com