«Дачка» расійскага «Інтэрфакса» сыходзіць з Беларусі

Інфармацыйнае агенцтва «Інтэрфакс-Захад», якое працавала ў Беларусі з 1994 года, абвясціла пра спыненне дзейнасці з 1 студзеня 2022 года «ў сувязі са зменамі, унесенымі ў Закон аб сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь у маі 2021 года».

31.12.2021 / 19:41

Па дзейным заканадаўстве, заснавальнікам СМІ ў Беларусі не можа выступаць замежная юрыдычная асоба, а таксама замежны грамадзянін або асоба без грамадзянства. Акрамя гэтага, ім не можа быць юрыдычная асоба, у якой 20 або больш працэнтаў акцый валодаюць замежная дзяржава ці замежныя грамадзяне.

У агенцтва «Інтэрфакс-Захад» адзіным заснавальнікам і ўладальнікам з'яўляецца расійскае АТ «Інтэрфакс», таму яно таксама не можа працягваць працу ў якасці СМІ. Выключэнняў для Расіі закон не прадугледжвае.

Выхадцы з «Інтэрфакса-Захад» цяпер працуюць у камунікацыйным агенцтве «Драйв-медыя» і на партале Smart Press.

Nashaniva.com