Большасць беларусаў лічаць, што 2021 год быў нядрэнным для іх сем'яў. Але не для краіны

Напярэдадні святаў сацыялагічная кампанія SATIO вывучыла настроі ў грамадстве. Так, Новы год будзе сустракаць больш за 90% беларусаў. Кожны трэці апытаны лічыць, што ў 2022-м мы будзем жыць лепш. Пры гэтым толькі 42% беларусаў упэўненыя ў заўтрашнім дні. Людзі спадзяюцца перш за ўсё на сябе і сваіх блізкіх, на матэрыяльную стабільнасць.

29.12.2021 / 17:43

55% апытаных пацвердзілі тэзіс, што беларусы змогуць змяніць жыццё ў краіне да лепшага. Столькі ж вераць у тое, што нашы дзеці будуць жыць лепш за нас.

Чаканні ад дзяржавы куды меншыя: толькі 23% вераць, што ўзровень карупцыі знізіцца за два-тры гады, і 22% вераць, што знізіцца ўзровень няроўнасці ў грамадстве.

Апытанне таксама паказвае ўзровень рэлігійнасці беларусаў. Галоўным святам застаецца Новы год, яго святкуе больш за 90%. Толькі праваслаўнае Раство святкуюць 44% беларусаў, толькі каталіцкае — 6%. Абодва святы (і Новы год, і Раство) — 20% насельніцтва.

На святкаванне беларусы трацяць каля траціны свайго заробку (каля 400 рублёў), больш за ўсё грошай сыходзіць на падарункі родным. 

Беларусы лічаць, што 2021 год для іх і іх сем'яў быў нядрэнным, але для краіны і свету гэты год быў не самым добрым (так адказала 57% апытаных).

Чытайце таксама: Міліцыя будзе рэкламаваць жыццё ў Беларусі, каб да нас прыехала больш замежнікаў

Nashaniva.com