Беларусь рэзка зніжае пошліны на нафту з новага года

Экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы ЕАЭС, будуць рэзка зніжаныя ў Беларусі з 1 студзеня, паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт партале.

29.12.2021 / 09:09

Новыя стаўкі ўрад зацвердзіў пастановай №758 ад 27 снежня. Такім чынам, практычна на палову будуць зніжаныя пошліны на сырую нафту, мазут, нафтавы бітум, вазелін, парафін і адпрацаваныя нафтапрадукты — з 77,5 даляраў да 46,7 за адну тону, піша Sputnik.by.

Стаўка на прамагонны бензін, якая ў снежні складала 42,6 даляра за тону, зменшаная да 25,6 даляра. Вываз таварных бензінаў, дызельнага паліва, лёгкіх і сярэдніх дыстылятаў, бензолу, талуолу, ксілолу і змазачных алеяў цяпер будзе каштаваць 14 даляраў за тону. У снежні ён складаў 23,2 даляра.

Стаўкі вывазных мытных пошлін мяняюцца кожны месяц. У Беларусі экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты ў апошні час зніжаліся — пасля таго, як некалькі месяцаў запар мяняліся ў бок павелічэння.

Nashaniva.com