Прэс-сакратарка Лукашэнкі Эйсмант абвясціла «эру беспрэцэдэнтнай адкрытасці»

Пра гэта яна заявіла ў эфіры БТ, каментуючы камунікацыю Лукашэнкі з журналістамі.

28.12.2021 / 22:49

«Прэзідэнт настроены размаўляць з усімі. У нас ёсць абсалютна выразны план працягваць гэтую працу нягледзячы ні на што. Таму што нам важна гучаць ва ўсіх рэгіёнах і ва ўсіх краінах. І мы будзем вылучаць на гэта час. Мы ўступілі ў эру беспрэцэдэнтнай адкрытасці», — заявіла прэс-сакратарка.

Нагадаем, сітуацыя ў беларускай журналістыцы крытычна пагоршала. Медыя і журналісты сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнай хваляй рэпрэсій.

Больш за 500 разоў пасля выбараў сілавікі затрымлівалі журналістаў, больш за 130 калегаў былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту. 68 калегаў зазналі гвалт або былі параненыя. Больш за 60 прадстаўнікоў медыяў знаходзяцца пад крымінальным пераследам.

Дзясяткі медыяарганізацый ліквідаваныя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі, інфармацыйная прадукцыя масава прызнаецца экстрэмісцкай з забаронай яе распаўсюду.

Эйсмант: Лукашэнка гатовы да дыялогу з прадстаўнікамі апазіцыі, якія жывуць у Беларусі і настроеныя патрыятычна

Nashaniva.com