За апошнія дні мігранткі нарадзілі ўжо траіх дзецей. Ім дадуць беларускае грамадзянства?

Сёння стала вядома, што яшчэ дзве цяжарныя жанчыны, якія знаходзіліся ў лагеры для мігрантаў каля пункта пропуску «Брузгі», нарадзілі дзяўчынак. Маладым мамам зрабілі кесарава ў Гродзенскім перынатальным цэнтры. Да гэтага яшчэ адна жанчына нарадзіла хлопчыка, перадаваў тэлеканал АНТ.

11.12.2021 / 15:33

Фота: тэлеграм-канал АНТ

Акрамя іх, яшчэ дзве цяжарныя жанчыны ляжаць у Гродзенскім перынатальным цэнтры. Адна на 14-м тыдні, а другая — на 20-м. Паўстае пытанне, а што будзе з грамадзянствам гэтых дзяцей?

У Беларусі, у адрозненне, напрыклад, ад ЗША, няма грамадзянства па нараджэнні. Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 2002 года кажа, што беларускае грамадзянства дзіця атрымлівае, калі хаця б адзін з яго бацькоў з'яўляецца грамадзянінам Беларусі.

Відавочна, што беларускага грамадзянства ў маладых маці ці іх мужоў няма. У такім выпадку, немаўлятам выдадуць толькі медыцынскія даведкі аб тым, што яны нарадзілся ў Беларусі. Грамадзянства іх бацькам трэба будзе афармляць у амбасадзе сваёй краіны.

Між тым, зусім нядаўна стала вядома, што Лукашэнка сваім указам даў беларускае грамадзянства 448 украінцам.

Nashaniva.com