Расія заяўляе, што ўкраінскі карабель рухаецца да Керчанскага праліва і «пагражае мараплаўству»

Карабель упраўлення «Данбас» ВМС Украіны наблізіўся да Керчанскага праліва, патрабаванні расіян змяніць курс не выконвае, сцвярджае ФСБ Расіі.

09.12.2021 / 22:57

Карабель знаходзіцца за 18 марскіх міль ад Керчанскага праліва і патрабаванняў змяніць курс не выконвае. У ФСБ адзначылі, што дзеянні карабля «ствараюць пагрозу бяспецы мараплаўства». Раніцай ён зняўся з рэйду порта Марыупаль і высунуўся ў напрамку Керчы.

«Заявак у адпаведнасці з абавязковымі пастановамі ў марскім порце Керч, зацверджанымі загадам Міністэрства транспарту РФ ад 21 кастрычніка 2015 года №313, на праходжанне Керч-Енікальскім каналам украінскім бокам пададзена не было», — гаворыцца ў паведамленні.

Днём 9 снежня расіяне атрымалі адказ, што ісці праз Керчанскі праліў карабель не плануе.

Nashaniva.com