Прымушалі танцаваць на зэдліку, прыціскалі цыгарэты: у Мінску двое маладзёнаў здзекаваліся са знаёмага інваліда

Гісторыя адбылася ў Мінску ў пачатку кастрычніка. 22-гадовы і 23-гадовы хлопцы забавілі ў кватэру 21-гадовага. Маўляў, каб праверыць камп'ютар.

13.10.2021 / 11:09

На працягу некалькіх дзён госця ўтрымлівалі сілай і здзекаваліся з яго ў прысутнасці іншых людзей: прымушалі распранацца да сподняга, танцаваць на зэдліку, збівалі, прыціскалі да цела цыгарэты і заціскалі абцугамі пальцы. Усё здымалася на мабільны тэлефон, паведамляе прэс-служба МУС.

Са слоў аднаго з затрыманых, ахвяру планавалі выкарыстаць для збору шклатары, а атрыманыя грошы забраць сабе. У адну з такіх вылазак палонны збег, а маладзёнаў неўзабаве затрымалі.

У дачыненні да мінчан распачата крымінальная справа за незаконнае пазбаўленне волі.

Nashaniva.com