Польскі ўрад: На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца 10 тысяч мігрантаў, што жадаюць перасячы мяжу ЕС

01.09.2021 / 18:17

У сувязі з гэтым на польска-беларускай мяжы неабходныя надзвычайныя меры, лічыць прэс-сакратар польскага ўрада, паведамляе Польскае радыё.

На польска-беларускай мяжы неабходныя надзвычайныя меры, лічыць прэс-сакратар польскага ўрада. Пётр Мюлер заявіў, што цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля 10 тысяч імігрантаў:

— Хутчэй за ўсё, план быў такі, каб усе гэтыя асобы разам перасеклі межы Польшчы, Латвіі, Літвы, то-бок мяжу Еўрасаюза. Нас цешыць, што цяпер — а не так, як некалькі гадоў таму — Еўракамісія і іншыя краіны-сябры падтрымліваюць нас па справе ўзмацнення аховы межаў.

Нагадваем, у сувязі з ростам колькасці мігрантаў на польска-беларускай мяжы ўчора ўрад звярнуўся да прэзідэнта Польшчы з просьбай увесці надзвычайнае становішча ў памежных рэгіёнах Люблінскага і Падляскага ваяводстваў. Надзвычайнае становішча закране 115 населеных пунктаў у Падляскім і 68 у Люблінскім ваяводствах.

Nashaniva.com