«Беларуснафта» выйшла з канцэрна «Белнафтахім», які трапіў пад санкцыі ЗША

Вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта» выводзіцца з падпарадкавання канцэрна «Белнафтахім». Гэта вынікае з указа №275 ад 16 ліпеня, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.

24.07.2021 / 23:16

Дакументам уносяцца змяненні ва указ №576 ад 14.09.2006 «Аб стварэнні дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Беларуснафта».

З яго выключаны падпункт, які вызначае, што вытворчае аб'яднанне знаходзіцца ў падпарадкаванні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі. Таксама выключаны і наступны падпункт, у якім было прапісана, што генеральны дырэктар «Беларуснафты» прызначаецца і вызваляецца ад пасады старшынёй «Белнафтахіма» па ўзгадненні з прэзідэнтам.

Нагадаем, з 3 чэрвеня ЗША аднавілі санкцыі ў дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. У санкцыйным спісе прысутнічае «Белнафтахім», але «Беларуснафта» не згадваецца.

Nashaniva.com