У Брэсце ў хакеіста спынілася сэрца падчас матча, яго выратавалі медыкі

У Брэсце 1 чэрвеня падчас матчу фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве паміж «Будаўніком» і ХК «Мінск» у 29-гадовага гульца спынілася сэрца. Спартсмена шпіталізавалі, паведамляе БелТА.

02.06.2021 / 14:55

На полі стала дрэнна гульцу «Будаўніка» Яўгену Міхейчыку, ён страціў прытомнасць. Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі канстатавала спыненне сэрца. Рэанімацыю правялі на полі, затым спартсмена адвезлі ў бальніцу хуткай дапамогі. Цяпер Яўген знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні. Яго стан стабільны: размаўляе, самастойна дыхае, усведамляе, хто ён і што з ім адбылося. Прызначана паглыбленае абследаванне, па яго выніках будзе зразумелая прычына таго, што адбылося.

Яўген Міхейчык у маі прайшоў агляд у абласным дыспансеры спартыўнай медыцыны, паталогій не было выяўлена.

Гулец «Будаўніка» таксама выступае ў нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі на траве.

Nashaniva.com