Каля 450 беларусаў не могуць вылецець з Кіпра, іх пачынаюць высяляць з гатэляў

Кіпр далучыўся да іншых краін Еўрасаюза і закрыў для самалётаў «Белавіі» сваю паветраную прастору. Праз гэта ў Мінск не могуць вярнуцца многія беларускія турысты, якія адпачывалі на востраве.

02.06.2021 / 14:13

Адзін з іх расказаў «НН», што эвакуацыйны рэйс з Ларнакі ў Маскву быў прызначаны на 2 чэрвеня, але ў апошні момант быў адменены без тлумачэння прычын.

Па некаторых звестках, рэйс павінна была здзяйсняць расійская кампанія «Якуція». Турыстаў павінны былі даставіць у аэрапорт «Унукава» ў расійскай сталіцы, а ўжо адтуль у Беларусь.

2 чэрвеня фактычна ўсіх беларускіх турыстаў, у якіх ужо скончыліся пуцёўкі, выселілі з гатэляў. Цяпер ім трэба самастойна шукаць жыллё ці альтэрнатыўныя шляхі дабірання да Беларусі.

«Агулам тут найменш каля 450 беларусаў, — сказаў адзін з турыстаў. — Многія ў разгубленасці, бо ім трэба на працу, дый запасы грошай ужо сканчаюцца».

У прэс-службе кампаніі «Белавія» «Нашай Ніве» сказалі, што на гэты момант не маюць інфармацыі наконт сітуацыі.

ЗП