Байдэн будзе абмяркоўваць з Пуціным Беларусь. Першы такі выпадак у гісторыі

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абмяркуе вымушаную пасадку самалёта Ryanair у Беларусі і затрыманне Пратасевіча падчас саміту з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у наступным месяцы, паведаміла ў аўторак прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі, піша Reuters.

25.05.2021 / 21:08

Псакі заявіла, што Байдэн таксама плануе абмеркаваць Украіну падчас саміту.

«Прэзідэнт Злучаных Штатаў не баіцца супрацьстаяць нашым супернікам і выкарыстоўвае момант асабістай дыпламатыі, каб вызначыць пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць, і шукаць магчымасці для сумеснай працы ў тых галінах, дзе ў нас ёсць узаемная згода», — патлумачыла прэс-сакратарка прэзідэнта ЗША.

Гэта першы выпадак у гісторыі, калі прэзідэнт ЗША будзе падымаць пытанне Беларусі на перамовах з прэзідэнтам Расіі. Будучы віцэ-прэзідэнтам ЗША падчас прэзідэнцтва Абамы, Байдэн аднойчы назваў Беларусь «пратэктаратам» Расіі. Гэта было амаль 12 гадоў таму.

Nashaniva.com