Ціханоўская здзейсніць візіт у Іспанію. Гэта 10-я краіна, якую яна наведае з кастрычніка

18.12.2020 / 20:43

Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай

21-23 снежня Святлана Ціханоўская наведае Мадрыд. Яна правядзе анлайн-званок з кіраўніком урада Іспаніі Педра Санчасам, сустрэнецца з міністрам замежных спраў Аранча Гансалес Лайя.

Таксама Святлана правядзе сустрэчы ў іспанскім парламенце і сустрэнецца з мясцовай дыяспарай, паведамляе яе прэс-служба.

Гэта 10-я краіна, якую наведае Ціханоўская з афіцыйным візітам, пачынаючы з кастрычніка. Яна рабіла візіты ў Латвію, Польшчу, Аўстрыю, Славакію, Данію, Швецыю, Нямеччыну, Нідэрланды, Бельгію, дзе сустракалася з кіраўніцтвам гэтых краін.

Таксама яна сустракалася ў Вільні з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, міністрам замежных спраў Канады Франсуа-Філіпам Шампанем.