У інтэрнэце з'явіліся новыя ВІДЭА аб дзеяннях сілавікоў і пратэстоўцаў 9 жніўня
17.12.2020 / 09:50
У адрас платформы «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» паступіла вялікая колькасць матэрыялаў, якія сведчаць пра неправамерныя і жорсткія дзеянні сілавікоў. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Дождь» распавёў Павел Латушка.
Са слоў Латушкі, ім паступілі «тэрабайты відэа» з гарадскіх камер відэаназірання, перш за ўсё, звязаныя з датамі 9-12 жніўня. У эфіры былі паказаныя два відэаролікі, на якіх адлюстраваныя падзеі 9 жніўня ў Мінску ў раёне Стэлы.
Сілавікі ідуць на людзей, у бок пратэстоўцаў і кідаюць святлошумавыя гранаты. Адзін з сілавікоў страляе і мужчына, які сядзіць непадалёк на камені, хапаецца за бок, верагодна ён паранены.
Павел Латушка звяртае ўвагу на тое, што звычайныя людзі бяззбройныя, у іх руках няма ні камянёў, ні арматуры, яны не паводзяць сябе агрэсіўна. Дзеянні сілавікоў ён называе непрапарцыйнымі, а колькасць сілавікоў — неадэкватнай.
«Плануецца, што да 20 снежня гэтыя матэрыялы будуць пададзеныя грамадскасці. Таксама мы маем матэрыялы аб катаваннях, учыненых у дачыненні да беларускіх грамадзян, і іх мы таксама пакажам беларускай грамадскасці», — сказаў ён.