У Магілёве маладзёны скралі аўтамабіль, каб з'ездзіць па піва

09.12.2020 / 17:10

У ноч на 7 снежня ў Магілёве ля дома на вуліцы Чырвоназорнай скралі «Опель Амега», паведамляе УУС.

Уладальнік аўтамабіля ўвечары пакінуў машыну на стаянцы ў двары, а раніцай выявіў, што аўтамабіль прыпаркаваны інакш. Дзверы аўто былі незамкнёныя, а рулявая калонка ў салоне разабрана. Мужчына адразу ж паведаміў аб гэтым у міліцыю.

Аказалася, што ноччу аўтамабілем скарысталася кампанія маладых людзей. Яны ўбачылі машыну, скруцілі драты ў рулявой калонцы, завялі аўтамабіль і паехалі катацца па горадзе. Заехаўшы на запраўку, маладыя людзі купілі піва. Аднак на зваротным шляху аўтамабіль заглух. Кампанія не кінула аўто, а стала яго штурхаць. Такім чынам машына завялася, і кампанія вярнулася на ранейшае месца.

Nashaniva.com