Венядзіктаў: Лукашэнка і Пуцін абмяркоўвалі лёс Бабарыкі

22.09.2020 / 14:18

Фота Надзеі Бужан

Галоўны рэдактар ​​радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў упэўнены, што на перамовах у Сочы 14 верасня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркоўвалі лёс былога кіраўніка Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі. Пра гэта блізкі да Крамля журналіст заявіў у эфіры перадачы «Будзем назіраць», піша Tut.by.

— Я думаю, што лёс Бабарыкі і лёс яго таварышаў стаяў асобным пунктам у перамовах Пуціна і Лукашэнкі. Гэта значыць, я не думаю, я ведаю. Я не ведаю вынік. Але мы яго ўбачым, — сказаў Венядзіктаў.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў TUT.BY, што не валодае інфармацыяй пра перамовы прэзідэнтаў з нагоды Бабарыкі. Разам з тым ён засумняваўся, што галоўрэд «Эхо Москвы» ведае пра гэта, паколькі сустрэча Лукашэнкі і Пуціна праходзіла ў фармаце «сам-насам».

Атрымаць каментар у прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі не атрымалася.