«Спыніць паўнамоцтвы Лукашэнкі і вызваліць палітвязняў». Работнікі Мінскага завода імя Казлова выступілі са зваротам
20.09.2020 / 12:40
Работнікі Мінскага электратэхнічнага завода імя Казлова напісалі калектыўны ліст, які накіравалі ў тым ліку ў Савет міністраў і Вярхоўны суд. Падпісанты просяць сярод іншага спыніць паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі, правесці новыя выбары, вызваліць палітычных вязняў, а таксама спыніць прымяненне сілы ў дачыненні да мірнага насельніцтва. Прадстаўнікі МЭТЗ імя Казлова, якія звярнуліся да ўладаў, лічаць мінулыя прэзідэнцкія выбары сфальсіфікаванымі. Пад зваротам падпісаліся каля 610 чалавек, распавядаюць работнікі, піша TUT.by.
Фота: Вадзіма Заміроўскага
Работнікі распавядаюць, што подпісы пакідалі прадстаўнікі розных падраздзяленняў прадпрыемства.
— Мы вельмі занепакоеныя сітуацыяй у нашай краіне, якая адбываецца з 9 жніўня пасля правядзення выбараў прэзідэнта, — гаворыцца ў калектыўным звароце. — Мы з болем і шкадаваннем назіраем за падзеямі, якія з кожным днём прыводзяць да павелічэння колькасці пацярпелых.
Падпісанты асуджаюць прымяненне сілы да мірных грамадзянаў з боку сілавікоў.
— Лічым непрымальным парушэнне супрацоўнікамі праваахоўных органаў закону, якое выяўляецца ў штодзённых, беспадстаўных затрыманнях мірных і бяззбройных грамадзян — у тым ліку непаўналетніх, на вуліцах гарадоў Беларусі, — адзначаецца ў калектыўным звароце. — Затрыманні суправаджаюцца нічым не абгрунтаванай жорсткасцю і збіццём грамадзян людзьмі, якія прысягалі на вернасць народу Беларусі.
У калектыўным лісце гаворыцца, што падпісанты «не прызнаюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і афіцыйныя лічбы, агучаныя ЦВК». Таксама адзначаецца, што Канстытуцыяй кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.
Сярод патрабаванняў падпісантаў:
— спыненне паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі;
— прызнанне прэзідэнцкіх выбараў сфальсіфікаванымі і несапраўднымі, а таксама адстаўка ЦВК у поўным складзе на чале з Лідзіяй Ярмошынай;
— прыцягненне да адказнасці ўсіх датычных да фальсіфікацыі падліку галасоў на выбарах;
— правядзенне новых выбараў — «сумленных, з празрыстым і зразумелым падлікам галасоў»;
— спыненне прымянення сілы з боку сілавікоў у дачыненні да мірнага насельніцтва, а таксама арыштаў і затрыманняў;
— прыцягненне да адказнасці датычных да затрыманняў мірных грамадзян і нанясення ім фізічнай і псіхалагічнай шкоды;
— кампенсацыі матэрыяльнага і маральнага ўрону ўдзельнікам мірных дэманстрацый і аўтааматарам;
— вызваліць палітычных вязняў.
У лісце таксама просяць «не ажыццяўляць ціск і пераслед па палітычных матывах у дачыненні да тых, хто падпісаў гэты зварот». Ліст накіравалі сярод іншага ў Саўмін і Вярхоўны суд, кіраўніку «Белпрафмаша», Мінаблвыканкам, Мінгарвыканкам, гендырэктару МЭТХ імя Казлова.