Мужчыну выратавалі з глыбокага калодзежа ў Мастоўскім раёне

04.07.2020 / 16:37

Чалавек зваліўся ў сяміметровы калодзеж з вадой на тэрыторыі прыватнага дома ў вёсцы Лунна Мастоўскага раёна вечарам 3 ліпеня, паведамляе МНС.

Мужчына, што гасцяваў у сваякоў, надзеў выратавальную камізэльку і з дапамогай вяроўкі для падстрахоўкі спусціўся ў калодзеж, каб дастаць вядро. Ужо падчас уздыму сарваўся і апынуўся на дне. Вады там было прыкладна паўтара метра.

Ратавальнікі спусцілі пацярпеламу пояс з карабінам. Яго паднялі з дапамогай лябёдкі і перадалі медыкам. З пераахаладжэннем грамадзяніна даставілі ў бальніцу.

Nashaniva.com