Прыбытак забудоўшчыкаў пры будаўніцтве жылля з прыцягненнем сродкаў грамадзян абмежавалі 5%

02.07.2020 / 20:40

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №247 «Аб будаўніцтве жылых памяшканняў», паведамляе БелТА.

Цяпер прыбытак забудоўшчыкаў пры будаўніцтве жылля з прыцягненнем сродкаў грамадзян не можа перавышаць 5% ад яго каштарыснага кошту ў бягучых цэнах.

Пераважнае права будаваць шматкватэрныя жылыя дамы даецца будаўнічым арганізацыям, якія маюць уласную тэхнічную базу і спецыялістаў, а таксама камунальным унітарным прадпрыемствам па капітальным будаўніцтве.

Ва ўказе прадугледжана абавязковае правядзенне забудоўшчыкамі за кошт уласных сродкаў аўдыту на працягу трох месяцаў пасля прыёмкі жылога дома ў эксплуатацыю. Залішне выплачаныя сродкі (у выпадку іх выяўлення па выніках аўдыту) вярнуць грамадзянам не пазней за месяц з дня атрымання аўдытарскага заключэння.