«Гэта нагадвае выбары ў афрыканскіх дыктатурах, а не ў Еўропе»

18.06.2020 / 14:31

За два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі больш за сто ключавых палітычных фігур, папулярных блогераў і людзей з атачэння прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта арыштавана па крымінальных справах або асуджана па адміністрацыйных.

РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуліся да Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека і шэрагу спецыяльных тэматычных дакладчыкаў ААН з просьбай прыняць усе адпаведныя меры для аказання садзейнічання ў паляпшэнні бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама ў правядзенні сумленных і справядлівых выбараў.

Нагадаем, што кіраўнік штаба патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Сяргей Ціханоўскі быў арыштаваны яшчэ да абвяшчэння выбараў, каб не даць яму магчымасці балатавацца самому. А калі ў прэзідэнты замест яго пайшла ягоная жонка, то кагадзе выпушчаны Ціханоўскі быў ізноў арыштаваны, ужо па крымінальнай справе. За кратамі знаходзяцца як мінімум 11 паплечнікаў Ціханоўскага і сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Не менш за 18 сяброў і паплечнікаў іншага прэтэндэнта, Віктара Бабарыкі, былі затрыманыя пасля 11 чэрвеня па крымінальных абвінавачваннях. Гэта адбылося пасля таго, як стала ясна, што менавіта Бабарыка сабраў рэкордную ініцыятыўную групу і набірае рэкордную колькасць подпісаў у сваю падтрымку. 

Па колькасці затрыманых прыхільнікаў, здаецца, можна вызначаць ступень «небяспечнасці» таго ці іншага праціўніка «гаранта стабільнасці і бяспекі».

Акрамя затрыманняў, адбываюцца і іншыя акцыі запалохвання. Так, пасля выпуску крамай Symbal.by маек з надпісам «Псіхо3%» у краму прыйшоў АБЭП. 

У 2010 годзе Беларусь трапіла ў кнігу рэкордаў Гінэса як краіна, дзе рэкордную колькасць кандыдатаў у прэзідэнты затрымалі ў ноч пасля выбараў.

Падчас кампаніі 2006 года затрыманні насілі масавы характар, але яны адбываліся непасрэдна перад днём галасавання, а не за два-тры месяцы да яго.

У 2020 годзе выбары страчваюць нават першасныя прыкметы «выбараў». Дайшло да таго, што кіраўніца Цэнтрвыбаркама абвінаваціла праціўніка Лукашэнкі ў тым, што яго кампанія была скіраваная на змену ўлады. Масавыя арышты, ператрусы і распальванне варожасці — апошняе адбываецца з абодвух бакоў — ператвараюць «выбарчую кампанію» ў вакханалію. Гэта нагадвае выбары ў афрыканскіх дыктатурах, а не ў Еўропе.

Сам факт палітычных арыштаў робіць свабодныя і справядлівыя выбары немагчымымі. Фактычна, сваімі паводзінамі ўлады Беларусі распісаліся ў няздольнасці перамагчы на выбарах — нават не свабодных, але хаця б з элементамі канкурэнтнасці. 

Варта адзначыць, што рэпрэсіі і нечуванае распальванне варожасці з боку дзяржпрапаганды таксама выклікалі беспрэцэдэнтнае яднанне апазіцыйна настроеных слаёў грамадства. Спробы лукашэнкаўскага прапагандысцкага апарату прэзентаваць канкурэнтаў як агентаў замежнага ўплыву не мелі поспеху. Ужо за два месяцы да выбараў краіна аказалася выразна палярызаваная.

Сяргей Гезгала