Пяскоў: Беларусь не зможа купіць у Расіі нафту па $4 за бараль, калі не будзе прапановы

02.04.2020 / 15:52

Беларусь не зможа купіць у Расіі нафту па цане чатыры даляры за бараль, калі не будзе такой рынкавай прапановы. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, перадае ТАСС.

Такім чынам ён пракаментаваў словы прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса, які распавёў аб планах краіны купляць нафту ў красавіку менавіта па такім кошце і нават назваў дакладны аб'ём — два мільёны бараляў.

«Калі будуць такія часы, калі будуць прапановы па такіх цэнах, значыць, можна будзе закупіць, але калі такіх часоў рынкавых не наступіць і нават калі наступіць, але будзе адсутнічаць прапанова, тады закупіць не атрымаецца», — заўважыў Пяскоў.

Раней Румас распавёў, што пастаўка расійскай нафты ў Беларусь будзе весціся без прэміі расійскім кампаніям, паколькі на гэтым настаяў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён сцвярджае, што «Белнафтахім» неўзабаве закончыць перамовы аб пастаўках расійскай нафты на красавік.

Nashaniva.com